Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) у складзе Расійскай імперыі адміністратыўна Сялец належаў Пружанскаму павету. Пасля падаўлення паўстання 1863 года на месцы былога касцёла была выбудавана праваслаўная Успенская царква (асвечана ў 1870 годзе), у каталікоў засталася толькі невялікая капліца св. Лаўрэнція на каталіцкіх могілках.
У 1878 годзе ў мястэчку дзейнічалі валасная ўправа, праваслаўная царква, каталіцкая капліца, габрэйскі малітоўны дом, школа, бальніца. У пачатку XX стагоддзя каталікі нарэшце атрымалі дазвол на будаўніцтва храма. Узвядзенне цаглянага касцёла св. Аляксея было завершана ў 1912 годзе.