Якая розніца паміж юбілеямі школьнай справы і школы?
Трэба засвоіць, што паняцце школа можа падразумяваць найперш нейкі школьны будынак, магчыма, што і некалькі, улічваецца тут і пэўныя працэсы рэарганізацыі: з меншай ступені ў большую і наадварот. Для нашай мясцовасці такое паняцце школы магло б абмежавацца сама болей перыядам папярэдняга стагоддзя, інакш гаворачы, абмежавацца скупымі момантамі памяці і рэальнага ўдзелу. Трэба ўлічваць, што пэўны наклад робіць і тое, што прыйшлося насельніцтву Сяльца жыць у розных дзяржавах, адносіны да школы, да дзяцей мелі свае адрозненні. Навукова гэта можна выразіць наступнымі словамі: існавала рознасць сацыяльная, нацыянальная, рэлігійная. Таму, справядліва падыходзячы да пытання існавання адукацыйных устаноў на карце Сяльца, найперш трэба катэгарычна пазбегнуць культывіравання гэтай розніцы. Гэта будзе справядліва перад нашымі продкамі, спадкаемцамі якіх мы з’яўляемся, бо яны проста наколькі маглі спасцігалі пачаткі школьнай навукі.
Які год лічыць пачаткам школьнай справы?
У працы Эмануэля Ляхніцкага (Lechnicki Emanuel “StatystykagubernjiLitewsko-Grodnenskiej 1817 r.”) ёсць канкрэтныя дадзеныя аб тым, што ў Пружанскім павеце пры касцёлах працуюць дзве школы: адна ў Пружанах, другая ў Сяльцы. У павятовым горадзе налічваецца сорак тры вучні і працуюць з імі два настаўнікі, у Сяльцы адзін настаўнік і сем вучняў. Працу Ляхніцкага знайсці цяжэй, можна тады скарыстацца выдадзенай у 1935 г., кнігай М.Розанава “Павет Пружанскі”.
У кнізе “Віskupstwo Wilenskie”, якая выйшла ў свет у 1912 годзе пад эгідай Віленскага Апостальскага Адміністратара Казіміра Міхалькевіча, зафіксаваны новыя дадзеныя, якія паглыбляюць дату заснавання парафіяльнай школы ў Сяльцы. Віленскае епархіяльнае начальства перыядычна рабіла наведванні (візітацыі), пачынаючы аж з 1781 года. Усяго візітаў налічваецца сем. Сялец пападае пад апошнія тры: 1804, 1805 і 1828 гады. Візітацыі 1781 і 1782 года не папалі пад юрысдыкцыю Віленскага біскупства, бо тады наш касцёл знаходзіўся ў складзе Луцка – Брэсцкай дыяцэзіі. Трэба адзначыць, што самая вялікая заслуга ў ажыцяўленні візітаў і іх апрацоўцы належыць місіянеру, ксяндзу Юзафу Багдановічу. У першыя два гады (1804 і 1805) Сялецкую парафіяльную школу наведвала 12 вучняў, а ў 1828 годзе аж 18 асоб. У Сяльцы настаўнік атрымоўваў сродкі ад бацькоў.
Польскі гісторык Тэадор Вяржбоўскі ў свёй кнізе ”Szkoly Parafjalne w Polsce i Litwie zaczasow Komisji Edukacji Narodowej 1773-1794”, выдадзенай у Кракаве ў 1921 годзе, піша на старонцы 222 наступнае: “Сялец, павет і ваяводства Брэсцкае. У 1791 годзе візітатар Антоні Абранпільскі наведаў тут парафіяльную школу. Прысутнічала ў ёй 15 вучняў. Ксёндз Маліноўскі, канонік Брэсцкі, пробашч у тым мястэчку, чалавек высокай цноты, нестамляемы ў тлумачэнні Слова Божага, кіруе храмам і людзьмі і заахвочвае тутэйшых парафіян, каб пасылалі сваіх дзяцей да школы, але вынік, з-за цемнаты грамадства, не адпавядае яго намерам”.
Навучанне ў парафіяльнай школе
Вучыліся чатыры гады. Заняткі ішлі “ад дня Святога Марціна, калі дзеці вольныя ад выпасу скаціны, і да Святога Юрыя, калі становіцца цяпло па вясне”. Усё ўпіралася ў пастухоўства дзяцей. За гэты час вучні набывалі першасныя веды па “Катэхізісу”, пісьму на польскай і лацінскай мовах, арыфметыцы, геаграфіі, гісторыі. Шмат часу ўдзялалася практычным ведам: агародніцтва, будаўніцтва, рысаванне, выраб і выбельванне ільнянога і ваўнянага палатна, яго фарбаванне. Да другіх заняткаў і паслуг вучні не адрываліся, акрамя імшы і іншых набажэнстваў.
Некалькі слоў аб тых, хто ўзначаліў арганізацыйную працу па адкрыцці школы ў Сяльцы, аб мясцовых ксяндзах. Аб тым, хто быў першым, звестак няма. Магчыма, Пуслоўскі. У 1818-1819 гг.- Аскірка, у 1821-1822 гг. - Градскі, у 1830-1831 гг. - Павел Геніуш, у 1835-1836 гг. Эразмус Корсак.
Дзе парафіяльная школа была размешчана?
Стаяў яе невялікі будынак амаль ля самога касцёла, непадалёку ад скрыжавання вуліц Замкавай (знікла канчаткова пасля 1865 года) і Касцёльнай (цяпер Бярозаўская). Відавочна, што гэта была паўночная частка тэрыторыі касцёльнага цвінтара, г.зн., непасрэдна на вуліцы Замкавай. Крыху на захад на тым жа цвінтары стаяў яшчэ адзін дамок, там размясціўся касцёльны шпіталь, які з’яўляўся часовым прытулкам для некалькіх адзінак гаротных і адзінокіх людзей . Як доўга стаялі гэтыя будынкі, для чаго яны выкарыстоўваліся пасля разбору драўлянага касцёла і пачатку будаўніцтва там праваслаўнага каменнага храма, невядома. Адзіным помнікам касцёльнай школе, які не здолелі знішчыць ні гады, ні войны, ні розныя ўлады, засталіся і праз два стагоддзі два рады густога бэзу, якія мелі пасярэдзіне невялікую прастору, магчыма, што якраз там быў уваход у школьнае памяшканне.
Калі школа была зачынена?
У 1860-я гг. школа не функцыянавала, бо ўжо і той касцёл у Сяльцы расійскімі ўладамі быў зачынены і разабраны. Афіцыйна лічыцца, што парафіяльныя школы ў Беларусі зачынены ў 1863 годзе. Магчыма, што нашу школу зачынілі яшчэ і раней, пасля паўстання 1830-31 гадоў, таму што звесткі аб парафіяльных школах на беларускіх землях прападаюць амаль поўнасцю. Аднак для нас галоўнае тое, што для пэўнай часткі насельнікаў Сяльца гэтая першая навучальная ўстанова дала першых пісьменных людзей. Спісаў навучэнцаў мы ніколі не знойдзем, але, зыходзячы з логікі развіцця мясцовых родаў, тагачаснай канфесіянальнай сітуацыі і маёмаснага становішча можна быць упэўненымі, што сярод уладальнікаў трох прозвішчаў, якія пражываюць тут і сёння, яны былі. Гутарка аб Пікулах, Паследніх і Кавалеўскіх.
Новай старонкай у развіцці школьнай справы стаў 1865 год. На цвінтары, пакуль што яшчэ галоўнай царквы (Свята-Пакроўскай) мястэчка, была пабудавана звычайная хата, падзеленая ўнутры на дзве няроўныя палавіны. Меншы пакой павінен быў служыць кватэрай настаўнікам, у большай, частку якой займала вялікая печ, адбываліся заняткі. Печ выконвала не толькі функцыі абагрэву памяшкання, вучні туды ставілі свае стравы, якія яны прынеслі з дому і выкарыстоўвалі ў час вялікага перапынку пасля дванаццатай гадзіны. Туалет быў на двары.
Спачатку школа насіла статус ЦПШ (царкоўна-прыходскай школы), аднак пазней яна, разам з яшчэ адной школай, адчыненай у Сяльцы ў 1893 годзе, пачала насіць назву міністэрскае вучылішча. Вялікай розніцы паміж гэтымі навучальнымі ўстановамі не назіралася, толькі падначаленасць. У першым выпадку школамі кіравалі епархіяльныя структуры, у другім дзяржаўныя. Школа на старым цвінтары лічылася для хлопчыкаў, а міністэрскае вучылішча было збудавана найперш для дзяўчынак. Аднак у адной і другой навучальнай установе былі прадстаўнікі іншага полу. Гэта звычайна былі дзеці, якія жылі паблізу. Міністэрскае вучылішча для дзяўчынак пабудавалі ў новым для сяла адміністрацыйным раёне, які фармуецца пасля адмены прыгоннага права.
Трэба абавязкова назваць чалавека, пад кіраўніцтвам якога з’явілася ЦПШ. Гэта мясцовы святар Ціт Львовіч Ячыноўскі. Прыйшлося яму не толькі школу будаваць, але і новы каменны храм. Законанастаўнікамі, акрамя Ціта Ячыноўскага, працавалі Якаў Ліхачэўскі, Міхаіл Такаржэўскі, Іякім Катаркевіч і пазней яго сын Антоній, Сцяфаній Агіевіч, Канстанцін Валкоўскі.
Структура навучання тагачаснай школы, акрамя арыфметыкі, рускай мовы, пачаткаў гісторыі і геаграфіі, прадугледжвала найперш вывучэнне Закона Божага. Кожны вучань павінен быў ведаць усе малітвы, Сімвал Веры, дзесяць запаведзяў, вучэнне аб таінствах і двунадзясятых святах, аб богаслужэннях і пастах. Бегла чытаць Евангелле, Часаслоў і Псалтыр. Ведаць вершы на памяць, умець пісаць дыктоўку, мець асновы ведаў па Айчыннай (рускай) гісторыі, па геаграфіі і прыродазнаўстве. Абавязковым было вуснае лічэнне, рашэнне задач (пісьмова), веданне мер вагі, даўжыні і г.д. Вучань павінен быў умець пісаць прыгожа, разборліва і хутка. На спевах навучыцца спяваць літургію, усеначную і г.д.
У дзень звычайна было пяць урокаў. Пачынаўся ён звычайна з малітвы: “Преблагий Господи, ниспошли нам благодать Духа Твоего Святого, дарствующего и укрепляющего душевныя наши способности, да внимая преподаваемому нам учению, возросли мы нашему Создателю на славу, Отечеству нашему на пользу и родителям на утешение». Малітву звычайна чытаў дзяжурны і разам з ім усе дзеці, пасля ён называў дзень, месяц, год, якіх святых свята і пасля раздаваў чарнільніцы, сшыткі і ручкі. Усе навучэнцы прыступалі да працы.
Навучальны год быў надзвычай малы (усяго 5-6 месяцаў) і вызначаны фармальна. Усё залежыла ад таго, калі прыйдуць вучні. А яны іншы год прыходзілі толькі ў лістападзе, а ў пачатку красавіка ўжо спынялі наведванне школы. Тлумачылася гэта наступнымі абставінамі. Па-першае, гэта працягласць сельскагаспадарчай пары. Пакуль каровы не стануць па хлявах і зіма не ўступіць у свае правы большасць і не збіралася наведваць школу. Ранняя вясна зноў зрывала дзяцей з вучнёўскай лавы. Па-другое, сярод вучняў пераважалі хлопчыкі, сяляне па старой традыцыі не вельмі ахвотна аддавалі ў школу дзяўчынак, а ўлады нічога не рабілі ў накірунку абавязковасці навучання. З увядзеннем абавязковай вайсковай павіннасці ў 1874 годзе колькасць навучэнцаў хлопчыкаў істотна вырасла, бо пісьменным скарачалі тэрмін службы, давалі адтэрміноўку. Калі ў 1905 годзе гэтую ільготу ўлады адмянілі, то раззлаваныя маці прыходзілі ў школу і за руку вялі сваё дзіця дадому, вясковыя бацькі зноў не бачылі ніякай неабходнасці ў атрыманні адукацыі для сваіх дзетак.
Сярод першых настаўнікаў была Хвясюк Марыя, якая пасля працавала ў Сашыцы. Дачка Антонія Катаркевіча Ніна выкладала разам з Нінай Аляксандраўнай Міхалоўскай, якая працавала ад самага пачатку адкрыцця вучылішча для дзяўчынак і ўзначальвала яго. Ніна Катаркевіч пэўны час працавала сумесна з Васілём Пракаповічам (1906 год). У 1899 годзе настаўнічала Аляксандра Рыгораўна Смірноўская.
Ніна Антонаўна Катаркевіч была самая першая настаўніца родам з Сяльца. Нарадзілася яна ў 1892 годзе ў сям’і мясцовага святара Антонія і яго жонкі Веры Уладзіміраўны. Аб яе адукацыі нічога невядома. Працавала да пачатку ад’езду ў бежанства. Сляды вялікай сям’і Катаркевічаў губляюцца ў горадзе Арле, там святар працаваў на свечным заводзе.
Самымі першымі настаўнікамі ў Сяльцы афіцыйна, яшчэ ў ЦПШ, лічацца Антон Антонавіч Тараскевіч і Аляксандр Восіпавіч Дзюрыч, якія пачалі сваю дзейнасць адразу з 1865 года. У 1885 годзе сярод настаўнікаў школы для хлопчыкаў быў губернскі сакратар Пісарэвіч Кірыл Васільевіч.
Трэба прызнаць, што вучыцца тады было надзвычай складана. У нашым Пружанскім павеце была адна істотная перавага ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Гродзеншчыны, толькі 25% школ былі ў наёмных памяшканнях, у іншых месцах сітуацыя была намнога горшая. Нічога страшнага не было ў тым, што дзеці самастойна нарыхтоўвалі дровы, палілі ў печах, насілі ваду. Звычайная справа, як і дома. Самае горшае - вялікая скучанасць дзяцей (да 60 чалавек аднамомантна), многія вучні стаялі, іншыя былі недзе за печчу, яны нават не бачылі настаўніка. А як жа вучыцца пісаць? Такая скучанасць вяла да недахопу кіслароду, нават лямпы не вытрымлівалі, тухлі. Ля многіх школ не было платоў і ніякіх надворных будынкаў. Падлога забруджвалася так, што тыя чарговыя рэкамендацыі вышэйстаячага кіраўніцтва аб яе мыцці хаця б адзін раз у два тыдні былі малаэфектыўнымі і не выконваліся. У пакоі толькі падмяталі.
Давайце зазірнём у школу. На старым цвінтары была аднакласная, з двума гадамі навучання, для дзяўчынак - двухкласная, з чатырма гадамі навучання.
Каля сцяны стаяла чорная дошка, шафа, віселі дзве карты: Расійскай імперыі і карта паўшар’яў, партрэт цара. У кутку размяшчалася ікона. Стаяў вялікі стол і стул для настаўніка, перад імі лавы рознага памеру для вучняў. Школу сярод іншага выдзяляла наяўнасць драўлянай падлогі і вокнаў крыху большага памеру, чым у звычайных сялянскіх хатах. Дах саламяны альбо гонтавы. Уваходы два: парадны, па ім хадзілі настаўнікі, рэвізоры і госці, другі для вучняў, вартаўніка і бацькоў. У пакоі (класе) адначасова вучыліся два, а іншы раз і тры класы. Настаўнікі, якія не мелі вугла, пражывалі тут жа, у звычайнай каморцы.
Настаўнікі былі надзвычай строгія, дысцыпліну падтрымлівалі жорстка. Дамашніх заданняў не было. Шмат матэрыялаў вучні завучвалі хорам. Адно і тое заданне выконвалі вучні першага і другога (альбо) трэцяга года навучання адначасова, толькі для старэйшых яно было больш складанае. Такія падыходы найперш тычыліся ўрокаў матэматыкі і пісьма. Асаблівую цяжкасць для вучняў пры напісанні прадстаўляла літара “яць”.
Плата за год вагалася ў межах ад 50 капеек да аднаго рубля. Настаўнікі найчасцей мелі за плячыма курс епархіяльнага вучылішча, абавязкова святары, бывала што дыяканы і дзякі. Пасля завяршэння вучобы вучні атрымлівалі пасведчанне і Евангелле ў падарунак.
Настаўнікамі найперш станавіліся мужчыны, хаця зарплата была малая, у многіх месцах нават існавала так называемая ссыпка, плата сялян за вучобу натуральнымі харчамі. Бацькі настаўнікам плацілі, “насыпалі”, кожны месяц альбо раз у год пэўную меру збожжа, бульбы. Былі ільготы мужчынам-настаўнікам: вызваленне ад службы ў войску; іх дзеці маглі бясплатна вучыцца ў гімназіі. Паступова павялічваецца колькасць настаўніц жанчын. У 1911 годзе яны ўжо складалі больш паловы, ільгот яны не мелі, наадварот, была забарона на шлюб, але яна не заўжды і не ўсюды выконвалася.
Наколькі эфектыўнымі былі вынікі навучання ў пералічаных намі навучальных установах? Прызнана, што былыя вучні, стаўшы дарослымі, умелі чытаць, але многія пастаяннай практыкі не мелі і паступова страчвалі навыкі. Яшчэ горш складвалася справа з пісьмом, асабліва з чыстапісаннем, праз некаторы час большасць абмяжоўвалася толькі напісаннем свайго прозвішча, і ўжо зачастую з цяжкасцю. Матэматычныя веды замацоўваліся больш трывала, практыка жыцця дапамагала, яна патрабавала нейкіх простых вылічэнняў, паўсядзённа выкарыстоўваліся адзінкі мер.
Ад ЦПШ і міністэрскага вучылішча для дзяўчынак засталася жменя попелу, калі ў ходзе адступлення (1915 г.) рускія войскі падпалілі Сялец. Праз дваццаць тры гады дакладна на месцы апошняга пачнуць будаваць новую школу і пабудуюць. Стары цвінтар не адродзіцца, будзе паступова прыходзіць у запусценне і забвенне. На месцы прыходскай школы ўжо ў наш час пачне расці дзічка груша-самасейка.
З утварэннем Польскай дзяржавы ўтвараецца і адзіная сістэма адукацыі. Яна прайшла 2 этапы. На першым этапе ў 1920-я гг. асаблівай увагі дзяржава школе не ўдзяляла. Школа повшэхна прадугледжвала наступны парадак: у 1 і 2 класах вучні займаліся адзін год; у 5 класе – два гады, у 7 класе - тры гады. Другі этап пачаўся ў 1932 годзе са школьнай рэформы. Школы былі падзелены на тры ступені з абавязковай прывязкай колькасці вучняў і настаўнікаў. І ступень: 1клас - 1 год, 2 клас - 1 год, 3 клас - 2 гады, 4 клас - 3 гады; ІІ ступень: 1 - 5 класы па 1 годзе навучання, у 6 класе - 2 гады. На ІІІ ступені займаліся сем гадоў, па годзе ў кожным класе. Наведванні вучнямі школы сталі патрабавальнымі, цяпер нядбайных бацькоў маглі пакараць за пропускі іх дзяцей штрафамі і нават адміністрацыйнымі арыштамі.
За васямнаццаць годоў ў складзе Польшчы не ўдалося вырашыць асноўную праблему, каб школа сапраўды стала повшэхнай (усеагульнай). За гэтыя гады ў Сяльцы так і не здолелі дзеці прыйсці ў адзінае школьнае памяшканне. Фактычна пераважала школа першай ступені, бо вучні спынялі навучанне праз тры-чатыры гады наведвання ўстановы. Напярэдадні ўводу ў строй нарэшце адзінага памяшкання паступова сфарміравалася школа другой ступені, якая ў новым будынку лагічна ператваралася ў самую вусокую ступень, у трэцюю. Адсутнасць спецяльнага памяшкання, заняткі ў шэрагу наёмных сялянкіх хат, вялікі кошт, недахоп настаўнікаў з'яўляліся асноўнымі праблемамі польскага перыяду.
Заняткі пачыналіся ў 9 гадзін раніцы з чытання пацераў: Duchuswiety, a заканчваліся малітвай Dzieki Ci Boze za swiatlo tej nauki. Вывучаліся наступныя прадметы: Закон Божы, арыфметыка, мовы - польская і нямецкая, гісторыя, геаграфія, фізіка, заалогія і дамаводства. У школах ніжэйшых ступеняў (І і ІІ) былі нязначныя адхіленні. Падручнікі давала школа, карысталіся імі да дзесяці гадоў сумесна. Заняткі пачыналіся першага верасня і завяршаліся дваццатага чэрвеня. Канікулы прымяркоўваліся да асноўных вялікіх свят. Зімовыя стабільна з 24 снежня і па 10 студзеня, вясеннія - тэрмінам на дзесяць дзён, галоўная ўмова, каб прыпадалі на Вялікдзень. Адзнакі: недастаткова, дрэнна, дастаткова, добра, вельмі добра. Вельмі якаснай асаблівасцю тагачаснай польскай школы была арганізацыя экскурсій. Значнае месца займалі вылазкі на прыроду па вывучэнні флоры і фаўны роднага краю. Экскурсіі былі і па іншых месцах краіны, недзе ў 1935 ці 1936 гадах лепшыя вучні з Сяльца атрымалі магчымасць наведаць Варшаву. Некаторыя ўрокі малявання адбываліся таксама за межамі класнага пакоя. Фізічныя гульні адбываліся на лузе альбо на полі.
На самым пачатку (1920-я гг.), па афіцыйнай справаздачы, школьная справа развівалася наступным чынам: “Колькасць хат – 1, памяшканне адпавядае патрабаванням, інвентар – не, няма сталоў, шафы. У бібліятэцы ёсць дзіцячыя кнігі, газеты”. У 1929 годзе ўжо названы чатыры арандуемыя хаты, інвентар па-ранейшаму не адпавядае, не хапае лавак, заняткі адбываюцца з 11-й па 15-ую гадзіну.
Дзяцей большала. І ў 1938 годзе было пяць арандуемых будынкаў. Колькасць навучэнцаў давала падставу для адкрыцця школы ІІІ ступені. Урад Польшчы нарэшце “пачаў бачыць” праблему, таму пасля смерці Ю. Пілсудскага было прынята рашэнне ўшанаваць яго памяць будаўніцтвам ста школ-помнікаў. Па рашэнні, прынятым польскім урадам, сярод той сотні школ-помнікаў павінна была з'явіцца і Сялецкая сямігодка. Рашэнне аб будаўніцтве Сялецкай школы было прынята мясцовай гмінай. Хутка былі зроблены неабходныя захады. (Да будаўніцтва фундамента прыступілі быццам яшчэ восенню 1935 года). Інфармуючы вышэйстаячыя інстанцыі аб неабходнасці будаўніцтва школы, мясцовая гміна паведамляла, што сітуацыя на 1938 год выглядае наступным чынам. Дзеці школьнага ўзросту ў Сяльцы складаюць 408 асоб. На той момант па версіі гміннага начальства да існуючай школы аднесена шэсць пакояў лекцыйных, дзве хаты дадатковыя, зала гімнастычная і тры хаты жылыя. На момант прыняцця рашэння аб будаўніцтве ўжо было падрыхтавана 300 метраў кубічных напілаванага і распілаванага лесу, 6 тон вапны, 25 кубаметраў камення і 700 злотых. Акрамя таго, пастаўлены абавязак сабраць ад кожнага коміна па 2 злотых. Для фінансавання будаўніцтва гміна са свайго бюджэту прадугледжвала выдзеліць 10 000 тысяч злотых на працягу двух гадоў. Адкрыццё школы прыспешвалася, меркавалася завяршыць будоўлю да 1 верасня 1939 года. Афіцыйна школа атрымала назву: “Публічная школа повшэхная ІІІ ступені Першага Маршалка Польшчы Юзафа Пілсудскага ў Сяльцы над Ясельдай”. Зразумела, што першага верасня яна свае дзверы не адчыніла, пачалася вайна. Па некаторым чуткам, была яна яшчэ і не дабудавана, частка даху адсутнічала.
Новая школа знешне напамінала літару “Г”. Перад уваходнымі дзвярыма - вялізны цэментаваны ганак з драўлянай разной калонай. Недзе пад гэтым ганкам быў і камень венгельны (капсула з інфармацыяй для будучых пакаленняў). Пасля тамбура адкрываўся доўгі калідор з класнымі пакоямі абапал, управа адыходзіў яшчэ адзін, больш вузкі і з класамі толькі з аднаго боку, справа. Сцяна яго была густа насычана вокнамі. Асаблівасцю двух з трох пакояў была наяўнасць універсальнай сцяны паміж імі, яна фактычна была поўнасцю з дзвярэй, якія складваліся і размяшчаліся ўздоўж супрацьлеглых сцен. Два класныя пакоі ператвараліся ў вялікую
актавую залу. У гэтым жа крыле была вузкая канцылярыя і кабінет дырэктара. У другім калідоры быў вялікі класны пакой, яго меркавалі для заняткаў фізкультурай. Вялікай адметнасцю школы былі печкі, белыя, бліскучыя і гладзенькія. Уражвала вышыня школьнага будынка, жалезны дах і вокны.
Найбольшы перыяд працавалі ў Сяльцы муж і жонка Каліньскія: Канстанты і Тэадора. Да працы прыступілі недзе ў 1925 годзе і прапрацавалі да 1932 года ўключна. Каліньскі ўвесь гэты час быў кіраўніком. Разам з імі пачалі працу Францішка Менчнікава, Сматрыцкая Фаіна, Катовіч Хелена і яе муж Эміль. Так у 1931 годзе Каліньскі сам вёў 3 і 4 класы, атрымоўваў 256 злотых, дапамагала яму Гудковна Геновефа, яна вяла 5 і 6 класы. Каліньскі пакінуў Сялец таму, што яго жонка Тэадора захварэла на сухоты. Новым кіраўніком з 1933 года стаў Эміль Катовіч. Апошнімі вядомымі настаўнікамі былі Жэхоўская Геновефа, Ругаловная Зофія, Бартноўская Юзэфа, загадчыца секцыі бібліятэк, і Штайнер, кіраўнік, пры якім будавалася школа.
Перамены ў галіне адукацыі сталі для заходніх беларусаў аднымі з самых паспяховых і самымі вітаемымі, у параўнанні з іншымі галінамі жыцця. Бясплатнасць, строгая абавязковасць (у сельскай мясцовасці ўсеагульная пачатковая адукацыя). Гэтыя рэчы, якія былі сустрэты большасцю з радасцю і разуменнем. Савецкая школа міжваеннай пары аддавала прыярытэт дакладным навукам, жорсткаму антырэлігійнаму выхаванню. Яшчэ нядаўна польская настаўніца, каталічка, вадзіла на вялікія святы праваслаўных дзяцей у царкву, а цяпер яе наведванне стала небяспечным. Дзяцей хутка пачнуць рабіць непасрэднымі ўдзельнікамі антырэлігійнай барацьбы. Настаўнікам катэгарычна забаронена наведваць храмы. У бацькоў дадзены аспект не сустрэў разумення, здараліся канфлікты, але пераважалі пасіўныя формы супраціўлення. Мова навучання (беларуская альбо руская) ажыццёўлена адміністрацыйна. Савецкая школа атрымала тыя ж праблемы, што і польская: недахоп абсталявання, падручнікаў, геаграфічных мапаў. Вострай заставалася праблема кадраў.
У Сяльцы, як і ўсюды, вучні, якія вучыліся ў школе повшэхнай І ступені былі залічаны ў пачатковыя класы, тыя, хто наведвалі ІІ і ІІІ ступені, сталі вучнямі няпоўнай сярэдняй школы. Быў адчынены падрыхтоўчы клас для тых, хто не наведваў школу раней. Зроблена гэта было для таго, каб не мець два першыя класы, таму што вучні, якія атрымоўвалі веды пры былой уладзе, залічваліся ў той жа самы клас. У 1940-41 навучальным годзе школу наведвалі ЎСЕ дзеці малодшага школьнага ўзросту!
На базе школы ў гэтыя гады праводзіцца яшчэ і ліквідацыя непісьменнасці сярод дарослых, садзейнічае гэтаму школьная бібліятэка і адчыненая ў сяле хата-чытальня.
Настаўнікаў той пары можна падзяліць на тры групы. Найбольшую складалі так называемыя ўсходнікі, прыехаўшыя па мабілізацыі кампартыі і камсамола з тэрыторыі Расіі і ўсходніх абласцей БССР. Другую групу склалі мясцовыя кадры, яны складаліся часткова з беларускіх пісьменных хлопцаў і ў большасці з тых выхадцаў яўрэйскай нацыі, якія актыўна супрацоўнічалі з савецкімі ўладамі. Нязначную групу, трэцюю, склалі ранейшыя настаўнікі польскай школы, ім патрэбна было абавязкова прайсці перападрыхтоўку для засваення новых праграм і мовы навучання.
У час нямецкай акупацыі была зроблена толькі спроба арганізацыі школьнай справы. Заняткі зноў вялі ў прыватных сялянскіх хатах, бо будынак школы занялі эсэсаўцы. Яны засыпалі паўночны бок сцяны, што глядзіць у бок лесу, пяском па самыя вокны, баяліся партызанскай кулі. Заняткі вяліся на ўкраінскай мове (Сялец уваходзіў у рэйхкамісарыят Украіны), былі спробы і арганізацыі беларускамоўнай школкі. Неяк прабавілі час у 1941-42 гадах, пачыналі наступны навучальны год, але справа не пайшла, таму далі параду, калі хто хоча, то няхай накіроўвае дзяцей у Бярозу. Жадаючых не знайшлося. Гады былі беззваротна страчаны, тыя, хто паблытаўся на тых занятках, нешта вывучылі з літар, нейкія арыфметычныя дзеянні і вывучылі на памяць некалькі вершыкаў Тараса Шаўчэнкі. Памятаюць і сёння!
У Сяльцы школа адраджаецца як сямігадовая. На першым этапе адбываўся працэс атрымання пачатковай адукацыі тымі, каму яна адпавядала па ўзросце, а ў большай ступені навучыць нейкім азам пераросткаў. Каб мог хаця б напісаць пісьмо з войска – такі асноўны лейтматыў. На рэалізацыю гэтай простай, але і складанай задачы былі патрачаны першыя 5-6 пасляваенных гадоў. Справа ў тым, што не ўсе пераросткі з вялікім жаданнем кінуліся ў навуку, ім шмат прыходзілася працаваць, бо тут накладвалася цяжкая сітуацыя пасляваеннай разрухі і страт сярод дарослага насельніцтва.
Асноўны цяжар усклалі на сябе настаўнікі, якія прыехалі з усходніх раёнаў Беларусі. Прыцягвалі да навучання і мясцовыя кадры, людзей, што мелі за плячыма гімназічны курс альбо паўнацэнную польскую сямігодку. 1947-1948 навучальны год - школа афіцыйна стала сярэдняй, і ў 1950 годзе адбыўся першы выпуск. Адбылося гэта дзякуючы стараннай працы Л.Р. Браніцкай, П.А. Дзенісюка, А.А. Жаковіча, Е.Л.Паньковай, Т.Л.Паньковай, Д.М. Серыкава, М.З.Богдана і дырэктара той пары Я.Ф. Соладава.
Працавала школа ў дзве змены, колькасць дзяцей няспынна павялічвалася, таму зразумела, што калі ў хрушчоўскія часы з’явілася практыка будаўніцтва сваімі сіламі, то да існуючага будынка былі дабудаваны сіламі вучняў і настаўнікаў спартыўная зала (з дрэва) і некалькі класных пакояў (са шлакабетона). З таго ж шлакабетона ўзвялі асобна шыкоўную майстэрню: слясарную і сталярную. Наша школа адна з першых у раёне была аўтаномна электрыфікавана. Узнчальваў школу ў гэты час Курзаў В.Ф.
У 1970-я гады колькасць вучняў няспынна набліжалася да паўтысячы. Працавала, як і раней, у дзве змены, таму дырэкцыя школы на чале з Задорай А.А. імкнулася дабіцца будаўніцтва новай тыпавой школы. Існавала разуменне, што ў вёсцы пачалі нарастаць новыя з’явы: рэзка змяншалася колькасць моладзі і падала нараджальнасць. Гэтыя абставіны сведчылі, што праз зусім невялікі тэрмін колькасць навучэнцаў рэзка скароціцца і яны лёгка змогуць размяшчацца ў старым будынку. Пройдзе нейкі час і дабро на ўзвядзенне новага школьнага будынка будзе атрымана. Будаўніцтва і некалькі дзесяцігоддзяў дзейнасці школы ў новым памяшканні будуць ажыццёўлены пад кіраўніцтвам дырэктара Шкабары М.К.
Пералічыць настаўнікаў, якія працавалі ў сценах Сялецкай сярэдняй школы, цяжка. Не для кожнага яна стала пастаянным і значным месцам працы. Так склалася, што можна назваць пэўны круг асоб, бо яны звязалі свой лёс назаўжды з нашай школай, альбо нейкім чынам вельмі яскрава паўплывалі на яе жыццё. Пачнём з пачатковых класаў. Першую кагорту, якая тры дзясяткі год вучыла азам сялецкую дзетвару, склалі Аліхвер Г.М., Барушка Г.А., Гаворка В.І., Задора Н.А., Троцкая Л.М. Пасля іх справу дастойна вялі Амельчанка С.К., Гальчун Н.У., Шчурко Г.Ф., Ярмашэвіч А.І.
Так склалася, што настаўнікамі геаграфіі, якія працавалі вельмі доўгі перыяд,можна назваць М.М.Казакевіч і Г.М.Касмачову. Марыя Маркаўна выкладала нейкі перыяд і гісторыю тут, да прыхода Верхаводкі В.М. не было пастаянных выкладчыкаў. Пасля доўгі час яго справу працягвалі Сёмуха Я.С. і Пейган М.А. У нейкім сэнсе пашчасціла і з выкладаннем замежнай мовы. Пакуль вядучай была нямецкая мова, то выкладаў яе ўвесь час Грышкевіч С.Ф., а пасля адбыўся пераход на англійскую мову, то вялі Круль Н.У. і Сурава М.А. Шмат настаўнікаў прывівала любоў да беларускай і рускай моў і літаратуры. Вельмі доўгі час аддалі гэтаму В.П. Васілевіч, Я.У. Сянкевіч, І.А. Гардзейчык, В.М. Фёдарава, М.Ц. Міронаў, П.Г.Кузьміч, Г.С. Гайдукевіч, Н.Б. Трафімовіч, два дырэктары: Курзаў В.Ф. і Шкабара М.К.
Выдатныя веды па хіміі і біялогіі давалі Кебец Л.Н. і Сяленя В.У., Кавалёва А.А. У кожнага пакалення былі свае выкладчыкі фізікі, але так склалася, што адзіным і найбольш тэрміновым стала Пазняк В.М. Азам арыфметыкі, алгебры і геаметрыі, акрамя знакамітага Пятра Андрэевіча Дзенісюка, вучыў нейкі час і Лявонцій Навумавіч Кебец, а найбольш пастаяннымі кадрамі на гэтай ніве сталі Ціхун З.С. , Вашкевіч М.П. і Трус С.М.
Завершым нататкі адданнем павагі настаўнікам працы: Голубу Б.І., Хвядчэні В.П., Пазняку С.С., і фізкультуры: Гольманаву І.С., Канановіч І.Б., Казловічу В.А.
Некаторым вучням стане крыўдна, бо для іх значнымі фігурамі школьнай пары сталі Чатырбок В.Л., Ясінская М.А., Страпко М. Р., Васілеўскі У.А., Мадалінская Т.М., Шпілеўская Т.Б., Крачко Г.А. Ды ці пералічыш! Так склалася, што наша школа стала для іх і многіх іншых толькі ступенню да новых вяршынь. Але іх памятаюць.
1981 - 1990 гг.
1 верасня 1981 года навучанне пачынаецца ў новым будынку школы. Школа налічвала 13 класаў-камплектаў, 268 навучэнцаў. Вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі: высаджваюцца
бярозы, ліпы, клёны, блакітныя елі, 1000 кустоў спірэі для жывой загарадзі.
Адкрыты філіял Бярозаўскай вячэрняй школы, у якой навучаецца шэсць вучняў: 1 – у 9 класе, 2 – у 10 класе, 3 – у 11 класе. Створана 5 груп падоўжанага дня з вучняў 1 – 8 класаў, Універсітэт педагагічных ведаў, у склад якога ўваходзяць 4 факультэты: дашкольны (дэкан – Пейгановіч Г. І.), 1 – 3 класаў (Шкабара М. І.), 4 – 7 класаў (Ціхун З. С.), 8 – 10 класаў (Вашкевіч М. П.).
У 1982 годзе першымі выпускнікамі ў новай школе сталі 19 вучняў 8 класа, 53 вучні 10 класа.
У фае 3-га паверха адкрыта Ленінская зала, якая налічвала 8 стэндаў, экспанаты і літаратуру аб жыцці і дзейнасці У. І. Леніна.
У 1985 годзе адкрыты школьны музей баявой славы.
У 1985 годзе на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка, прысвечаная мясцоваму жыхару Сашу Здановічу, па-зверску закатаванаму фашыстамі.
Створаны адзіны ў раёне настаўніцкі хор, у якім удзельнічае ўвесь калектыў пад кіраўніцтвам Зоі Мікалаеўны Цэбрук, вакальная група «Маладосць», ролю акампаніятара выконвае дырэктар Сялецкага СДК Н. М. Шчэрба.
Атэстаты аб заканчэнні школы атрымалі 326 вучняў. 1 вучань скончыў школу з залатым медалём.
1991 - 2000 гг.
Дзяўчынкі старэйшых класаў сталі членамі клуба дзіцячага грамадскага аб'яднання «Асацыяцыя беларускіх гайдаў». Кіраўнік клуба – Ярмашэвіч Алена Іванаўна.
Працягваецца работа школьнага музея, створаны экспазіцыі: «1917 год. Уся ўлада Саветам!», «Дзейнасць Сашыцкага і Сялецкага райкамаў КПЗБ», «Памятаем! Смуткуем!», «Вызваленчая вайна на тэрыторыі в. Сялец», «Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны», «Дзейнасць падпольнай арганізацыі «Мсцівец», «Гатовы да абароны Радзімы». Вядзецца пошукавая работа, ладзяцца экскурсіі ў г. Краснадон, г. Варашылаўград, г. Равенькі для папаўнення музея матэрыяламі.
У 1997 годзе праведзена замена пакрыцця падлогі па ўсёй плошчы школы на нямецкі лінолеум на сродкі спонсара, выпускніка школы М.С.Гаворка.
У 1999 годзе школа адзначыла 50-гадовы юбілей першага выпуску сярэдняй школы з удзелам былога дырэктара школы В.Ф. Курзава.
Школа працягвае свае лепшыя традыцыі: хор настаўнікаў, вакальная група, краязнаўчая дзейнасць, пошукавая праца.
Атэстаты аб заканчэнні школы атрымалі 117 вучняў. 1 вучаніца скончыла школу з залатым медалём.
2001 - 2010 гг.
У школе распрацавана і зацверджана Саветам школы школьная сімволіка (герб, сцяг).
У 2010 годзе школа стала школай аграгарадка. Праведзена частковая замена аконных блокаў у рамках праграмы развіцця аграгарадкоў.
У працэс навучання ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Створаны інтэрнэт-сайт установы адукацыі.
Штогод выпускніком школы Гаварка М. С. аказваецца спонсарская дапамога па падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года.
Атэстаты аб заканчэнні школы атрымалі 93 вучні.
2011 - 2017 гг.
У 2011 годзе арганізавана работа ў рамках сельскагаспадарчага праекта галандскай дабрачыннай арганізацыі «Stichting Rusland Kinderhulp» і Міжнароднай Грамадскай Арганізацыі «Дапамажы людзям».
У 2016 годзе рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 31.05.2016№ 626 школа рэарганізавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі «Сялецкі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа Бярозаўскага раёна» шляхам далучэння дзяржаўнай установы адукацыі «Яслі-сад в. Сялец».
Працягваецца актыўная работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Атэстаты аб заканчэнні школы атрымаў 51 вучань.
2 вучаніцы атрымалі пасведчанні аб заканчэнні школы з адзнакай.